У новы год – з новым праектам

Кожны кароткі снежаньскі дзень імкліва набліжае нас да Новага года. І ў  гэтым увачавідкі пераконваешся, калі трапляеш на тэрыторыю музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок” і этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса”.

Тут у чаканні вясёлых карагодаў ужо стаіць прывабная елка ў  маляўнічым убранстве, гатуюцца адмысловыя частаванні і пакуюцца падарункі для гасцей.

Па традыцыі для іх падрыхтавана насычаная забаўляльная праграма, наведаць якую, па словах дырэктара музейнага комплекса Марыі Міхайлаўны Астаповіч, пажадалі і накіравалі аб тым заяўкі ўжо каля тысячы экскурсантаў. Сярод іх нямала калектываў, у тым ліку – і дзіцячых, з Драгічыншчыны. Прычым, многія пераднавагоднія экскурсійныя вандроўкі ў ““Бездзежскі фартушок” арганізаваны за кошт прафсоюзных сродкаў.

Пры гэтым у музеі працягваюць шукаць новыя цікавыя накірункі і формы работы.  У адыходзячым годзе тут выйгралі конкурс мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва”. У выніку музей атрымаў грант ініцыятывы “Незабытае рамяство”, у ходзе якой мяркуецца аднавіць мясцовыя традыцыі лозапляцення.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара