Масленіца весяліла забавамі і частавала блінамі

І зноўку каляндарная зіма на вясну павярнулася, і да карагоду традыцыйных народных свят далучылася Масленіца, якая доўжылася ўвесь мінулы тыдзень. А ў нядзелю, 6 сакавіка, жыхары і госці Драгічыншчыны сабраліся на падворку музейнага комплексу «Бездзежскі фартушок», каб па адвечнаму звычаю – з песнямі, гульнямі, і, вядома ж, са смачнымі духмянымі блінцамі праводзіць Масленіцу і паклікаць вясну.
Забаўляльную праграму для прысутных падрыхтавалі і правялі ўдзельнікі народнага драматычнага тэатральнага калектыву “AURA” Драгічынскага ГДК, а песнямі і жартамі радавалі самадзейныя творчыя калектывы Бездзежскага, Завершскага, Равінскага і іншых устаноў культуры раёна.
Традыцыйнай масленічнай стравай былі бліны, і як распавядалі тутэйшыя ўдзельнікі мерапрыемства, у кожнай бездзежскай гаспадыні быў свой рэцэпт іх прыгатавання. На святкаванні ў Бездзежы гэты традыцыйны масленічны ласунак з рознымі смачнымі начынкамі прапаноўвалі і кулінары райспажыўтаварыства, і работнікі музейнага комплексу, так што блінамі ад’еліся ўсе ахвочыя.
А традыцыйным завяршэннем святкавання Масленіцы становіцца вогнішча і спальванне пудзіла зімы, разам з дымам ад якога, як спадзяваліся нашы продкі, сыходзіла ў нябыт і ўсё тое дрэннае, ад чаго хацелі пазбавіцца людзі. Бо ім ва ўсе часы хацелася верыць у лепшае.
Галіна ВІКТАРАВА
Фота аўтара