“Не проста дата ў календары, а важны дзень у нашым жыцці”

Сёння, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, такое меркаванне выказаў вучань гімназіі г.Драгічына Максім Дышко, які атрымаў пашпарт. У гарадскім Доме культуры, ва ўрачыстай абстаноўцы, гэты дакумент яму і яго равеснікам з розных школ Драгічыншчыны ўручыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Паўлавіч Вакульчык.
У ходзе мерапрыемства былі таксама ўшанаваны ветэраны працы, перадавікі вытворчасці і грамадскія актывісты, а маладзёжную арганізацыю папоўнілі новыя члены БРСМ. Сваёй творчасцю віноўнікаў урачыстасці і ўсіх прысутных парадавалі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна.