Нішто не забыта: трагедыя вёскі Сорацні

Семдзесят дзевяць гадоў таму назад трагічны лёс Хатыні паўтарыла і вёска Сорацні на Драгічыншчыне. У той восеньскі дзень нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх прыслужнікамі былі расстраляны 144 тутэйшыя жыхары, у ліку якіх было каля паўсотні дзяцей, і большасць з іх – ва ўзросце да 7 гадоў. Памяць бязвінных ахвяр вайны ўвекавечана ў адмысловым помніку, дзе ёсць мемарыяльная дошка, на адным баку якой — імёны загінулых, на другім – успаміны відавочцаў, якія нейкім цудам выжылі ў трагічны вераснёўскі дзень. На ёй можна прачытаць і кранаючы надпіс: “Мы б раслі, былі б бацькамі, былі б дзядамі, былі б мы – жылі б…” А побач з мемарыяльнай дошкай, на абуладкаванай пляцоўцы – мастацкая скульптурная кампазіцыя, выкананая з дрэва, з застылымі фігурамі людзей трох пакаленняў, жыццё якіх абарвалася 15 верасня 1943 года.

Не застаецца гэты помнік і па-за ўвагай прафсаюзных актывістаў (на здымку), якія час ад часу, з нагоды і без яе, наведваюць месца людской жалобы, каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць тых, чыё жыццё адабрала вайна.

А сталыя сведкі тых трагічных падзей з болем вяртаюцца ў далёкі вераснёўскі дзень, калі вёска Сорацні гарэла ў агні і стагнала ад болю.

Ніна Аляксандраўна Максімовіч узгадвала, што напярэдадні хлопец, які служыў у паліцыі, але дапамагаў партызанам, перадаў у Сорацні, што рыхтуецца карная экспедыцыя па знішчэнню вёскі. І людзі перасталі начаваць дома, а хаваліся ў лесе ці ў зямлянках, якія былі выкапаны ў некаторых дварах. Але ніхто не ехаў, і многія супакоіліся…

Але ж на світанку, 15 верасня 1943 года, папярэджанне збылося: вёску акружылі карнікі. Ніна ў гэты час была ў лесе, таму і ўратавалася. А яе матулю і суседзяў загналі ў хату і расстралялі, а дом падпалілі.

– Мы да самай зімы знаходзіліся ў лесе. Баяліся ў вёску вяртацца. Потым па чужых людзях скіталіся… А наступным летам на тым пажарышчы мы яшчэ доўга збіралі костачкі сваіх родных. Дождж пройдзе, і яны бялеюць. Але ж жыць неяк трэба было, – з болем распавядала жанчына.

Са слязамі на вачах узгадвала той дзень і Кацярына Фадзееўна Пратасевіч, у якой тады загінула амаль уся радня. Людзі хаваліся ў акопчыку, іх знайшлі, загналі ў дом і пачалі расстрэльваць. Аднак цяжарная Каціна маці тады нейкім дзівам уцалела. Праз яе прайшло 9 куль, але яна выжыла і пазней яе выхадзілі ў партызанскім атрадзе. Раны на руках і грудзях хутчэй зацягнуліся, а вось сківіца была ўся раздробнена, куля выйшла каля носа.

– Мама паўгода хлебнай крошкі праглынуць не магла, слабая была, што ад ветру хілілася. Але ж дзіцятка ў яе, мая сястрычка Манечка, знешне здаровай нарадзілася. А потым хварэць пачала, і маленькай памерла. Нас у той час родзічы з Бездзежа прытулілі, там і пахавалі Манечку. А мама, дзякуй Богу, пазней акрыяла, і яшчэ на работу хадзіла. Хаця жалоба па загінулых не пакідала яе да апошніх дзён, – праз слёзы расказвала Кацярына Фадзееўна Пратасевіч пра сваіх родных і землякоў, якія сталі б бацькамі, сталі б дзядамі – жылі б…

Калі б не вайна…

Галіна ВІКТАРОВІЧ