За права звацца адзіным народам

Сталыя жыхары Драгічыншчыны захавалі нямала ўспамінаў пра верасень 1939 года, калі войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу, каб узяць пад сваю абарону насельніцтва Заходняй Беларусі. Гэтыя падзеі ўнеслі лёсавызначальныя перамены ў ход гісторыі, бо беларусы атрымалі магчымасць жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі. Аб тым, што тады адбывалася ў невялічкай па сённяшніх мерках вёсцы Каралін і яе ваколіцы, згадваў яе пажылы жыхар Уладзімір Паўлавіч Камянец.

“Доўгімі зімовымі вечарамі ў нашым доме часта збіраліся вясковыя мужыкі. А я, 12-гадовы падлетак, залезу на печ, прыкінуся, быццам бы сплю, а сам іх размовы слухаю. Таму па сваім узросце я многае разумеў і ведаў…

Сяляне абураліся тым, што лепшыя землі былі ў паноў ды асаднікаў, а ў многіх тутэйшых вяскоўцаў зямлі не хапала нават для таго, каб удостать накарміць сям’ю хлебам. Зразумела, што пры такім парадку многія сяляне хацелі перамен і чакалі вызвалення з Усходу, якое абяцала даволі прывабныя перспектывы: хто быў нікім – той стане ўсім.

Сярод вяскоўцаў даўно хадзілі чуткі, што калі прыйдуць Саветы, то сяляне атрымаюць колькі заўгодна зямлі і іншых даброт. І ў кожнай вёсцы знаходзіліся актывісты, якія рыхтаваліся да прыходу Чырвонай Арміі і з нецярплівасцю яе чакалі” – прыгадваў Уладзімір Камянец.

У вёсцы Каралін, па словах Уладзіміра Паўлавіча, самым актыўным прыхільнікам савецкай улады выступаў Фёдар Голуб, малазямельны селянін, на ўтрыманні якога знаходзілася вялікая сям’я.

“Разам са сваімі аднадумцамі пры ўваходзе ў сяло ён ўстанавіў трыумфальную арку, упрыгожаную, як мне помніцца, чырвонай зоркай і транспарантамі. Праз яе і ўвайшлі ў Каралін чырвонаармейцы, якіх было зусім нямнога – каля 10 чалавек. Бо асноўная іх сіла разам з танкамі накіравалася ў бок Антопаля…

У Караліне знаходзіліся чырвонаармейцы, а праз некалькі кіламетраў, у Вульцы Радавецкай, спыніўся невялікі атрад узброеных польскіх вайскоўцаў. Яны ішлі аднекуль з Беліна, праз Ляхавічы і Сулічава, і, відаць, хацелі разгрупавацца і знайсці прытулак у тутэйшых польскіх асаднікаў, якія жылі ў вёсках Карлавічы, Дубавое і на бліжэйшых хутарах. Але падзеі разгортваліся вельмі імкліва. Даведаўшыся, што чырвонаармейцы зусім побач, палякі разам з афіцэрам кінуліся ў лес, які ўсе мы ведалі, як урочышча “чаромха”. Чырвонаармейцы заўважылі гэта і пачалі пытацца ў каралінскіх сялян, хто пакажа дарогу, каб адрэзаць палякам адступленне. Дапамагчы згадзіўся мой бацька, які ў свой час служыў у царскай арміі, дзе камандаваў узводам. Разам з ім і чырвонаармейцамі ў наступленне пайшлі і многія з вяскоўцаў, якія к гэтаму часу паспелі раззброіць асаднікаў і такім чынам завалодалі абрэзамі, вінтоўкамі і шмат чым яшчэ. Адметна, што ўслед за ўзброенымі людзьмі рушыў і натоўп проста цікаўных вяскоўцаў, у ліку якіх былі і мы, падлеткі. Таму ўсе далейшыя падзеі разгортваліся на маіх вачах.

За сялом быў узгорак, дзе ўсе і заляглі. Праўда, адзін з вяскоўцаў ненарокам прыўзняўся, каб лепей угледзець, што адбываецца. Тады яго і застрэлілі палякі. Але яны вельмі хутка пераканаліся, што процістаяць такому людскому натоўпу  на чале з чырвонаармейцамі не змогуць, і здаліся. К гэтаму часу на дапамогу савецкім байцам і актывістам прыйшоў яшчэ і танк. Ён пару разоў стрэліў у бок “чаромхі”, забіўшы пры гэтым некалькі польскіх салдат. Іх пазней цішком пахавалі асаднікі.

А вяскоўца, які загінуў у час перастрэлкі, хавалі з усімі камуністычнымі атрыбутамі, ушанаваннямі і прамовамі. Як героя, — расказваў У.П.Камянец.

Так у Караліне ўсталявалася савецкая ўлада. Быў створаны сельскі Савет, і сялян пачалі надзяляць зямлёю – па 40 сотак на чалавека. І для беззямельных вяскоўцаў, дзе гадавалася шмат дзяцей, гэта была сапраўды істотная падтрымка, якая давала ім спадзяванне на лепшую будучыню.

Галіна ВІКТАРОВІЧ