З любоўю да справы і да дзяцей

Сёння, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Больш за трыццаць гадоў яе выкладае настаўніца гімназіі г.Драгічына, кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры Таццяна Пратасевіч. Яе прафесіяналізм пацвярджаецца не толькі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, але і шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку – і прафсаюзнымі.

Родам Таццяна Аляксееўна з Кобрынскага раёна. Але пасля заканчэння філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута яна папрасіла размеркавання на радзіму мужа, у Драгічынскі раён, дзе ёй знайшлася работа ў нядаўна адкрытай навучальнай установе райцэнтра – у гімназіі г.Драгічына. Было гэта ў далёкім 1991-м годзе.

А літаральна на наступны год  ёй даверылі  класнае кіраўніцтва. З тае пары мяняюцца гімназісты, а яна застаецца іх нязменнай “класнай мамай”. І памятае кожны свой класс, усіх сваіх дзяцей: летась яна праводзіла ў самастойны шлях ужо свой чацвёрты выпуск.

Што ж да ўрокаў, то цяпер  Т.А.Пратасевіч выкладае прадмет пераважна ў старэйшых класах. Разважаючы аб прыхільнасці сучасных школьнікаў да роднай мовы і літаратуры, Таццяна Аляксееўна зазначае, што ў кожным класе ёсць дзеці, якія шчыра цікавяцца беларускай мовай і літаратурай, шмат чытаюць, актыўна адказваюць і разважаюць на кожным уроку. А астатніх яна імкнецца зацікавіць прадметам, задзейнічаючы свой педагагічны стыль і вопыт.

–Я даўно працую і ведаю патэнцыял кожнага класа, дзе выкладаю родную мову і літаратуру. Перад вывучэннем новага твора выпісваю беларускамоўныя словы, якія могуць падацца вучням незразумелымі. На ўроку тлумачу іх значэнне, і такім чынам узбагачаецца слоўнікавы запас школьнікаў і  ім лягчэй засвойваць сэнс таго, што яны чытаюць, — гаворыць выкладчыца беларускай мовы і літаратуры.

Яе апантанасць і добрае валоданне прадметам даюць свой плён: многія з вучняў Таццяны Аляксееўны падчас іспытаў здаюць беларускую мову і пазней выбіраюць прафесіі гуманітарнага профілю.