З жыватворных глыбінь народнай творчасці

У мінулую суботу ў Бездзежы, на музейным падворку, прайшоў шосты абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”, які з часам стаў адметным культурным брэндам Драгічыншчыны.

І па меры таго, як выхадны дзень убіраўся ў сілу, набіраў размах і рух на этнаграфічным падворку «Каля Плэса». Сюды спакваля з’язджаліся знаўцы і выканаўцы народнага фальклору – дарослыя і дзеці, апранутыя ў колішняе адзенне. Побач разгортвалася выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці і выстройваліся дэгустацыйныя рады традыцыйнай нацыянальнай кухні.

Падворак расквеціўся рознакаляровымі сарочкамі-вышыванкамі, стракатымі спадніцамі-папярэчкамі, яркімі хусткамі-шаліноўкамі, вясёлкавымі паясамі, выбеленымі фартушкамі і наміткамі… Сёлетні фестываль сабраў больш за 500 прыхільнікаў народнай творчасці з розных куткоў вобласці.

У ліку ўдзельнікаў свята былі і прадстаўнікі Драгічыншчыны. Сапраўды ўнікальныя шэдэўры народнай творчасці вярнулі з нябыту і вынеслі на суд гледачоў юныя самадзейныя артысты ўзорнага ансамбля фальклорнага танца “Ліпачка” Ліпніцкага СДК. Шчырымі апладысментамі прысутныя віталі выступленне сямейнага калектыву сясцёр Лук’яновіч з невялічкай вёскі Леснікі і многіх іншых аматараў традыцыйнай паляшуцкай культуры,  якія захавалі і нясуць у будучыню сваю нацыянальную адметнасць і непаўторнасць.