Рэха падзеі: святочныя мерапрыемствы ў Драгічыне з нагоды Дня Незалежнасці

Урачыста, святочна, адметна ў Драгічыне і населеных пунктах раёна прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У райцэнтры гэты дзень па традыцыі пачаўся з ускладання кветак да помніка воінам-вызваляльнікам у гарадскім скверы.

У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, сілавых структур, прафсаюзныя і грамадскія актывісты. Памяць ахвяр ваеннага ліхалецця была ўшанавана хвілінай маўчання, у гонар герояў-вызваляльнікаў прагучаў салют.

Добрай традыцыяй гэтага святочнага дня ў Драгічыне стала правядзенне спартакіяды сярод працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Спартыўнае свята прайшло ў гарадскім парку.

Напачатку спаборніцтва да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Дарашэнка, які падкрэсліў, што 3 ліпеня – гэта сімвал нашага адзінства і барацьбы за незалежнасць, сімвал перамогі, якая захавала беларускую нацыю і стала часцінай нашай агульнай нацыянальнай ідэі…

“Наша згуртаванасць, наша салідарнасць, якая накіравана на добрыя справы, дапаможа нам вырашыць любыя пытанні. Важна на разбураць і не раз’ядноўвацца, а разам працаваць і ствараць, каб мець плённыя вынікі нашых учынкаў”, — зазначыў кіраўнік раёна.

Далей з непрыхаваным спартыўным азартам разгарнуліся спаборніцтвы. Прадстаўнікі працоўных калектываў мелі магчымасць праявіць свой спрыт і майстэрства ў валейболе, перацягванні каната і іншых відах спорта .

Пераможцай стала каманда Драгічынскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, другое месца заняла зборная прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, трэцюю ступеньку п’едэстала падзялілі каманды раённай бальніцы і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

А вечарам святкаванне завяршылася сумесным выкананнем Дзяржаўнага гімна і маляўнічым феерверкам.