Прафсаюзныя ўзнагароды абласных “Дажынак-2021” атрымаў сямейны экіпаж братоў Кулік

На абласных “Дажынках-2021”, якія адбыліся 4 верасня ў гарадскім пасёлку Лагішын Пінскага раёна, узнагародамі былі адзначаны каля 200 перадавікоў нядаўняга жніва. У іх ліку былі і прадстаўнікі Драгічыншчыны. У прыватнасці, на свяце хлебаробаў быў ушанаваны сямейны экіпаж ААТ “Імянінскі”, у складзе якога працуюць браты Дмітрый Сяргеевіч і Барыс Сяргеевіч Кулік. У адным камбайнерскім тандэме на хлебнай ніве яны шчыруюць больш за 10 гадоў, і раней таксама неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў на ўборцы зерневых сельгаскультур.

Неўзабаве пасля таго, як ААТ “Імянінскі” увайшло ў склад Бярозаўскага мясакамбіната, сельгаспрадпрыемства атрымала новы камбайн “Джон-Дзір”, які быў давераны сямейнаму экіпажу братоў Кулік. І ў тым жа 2019-м годзе на новым камбайне браты намалацілі больш за 2000 тон зерня. З такім жа намалотам яны ўзняліся на хлебаробскі п’едэстал і сёлета, заняўшы 1-е месца ў спаборніцтве сярод сямейных экіпажаў. Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі Дзмітрыю Сяргеевічу і Барысу Сяргеевічу Кулікам уручыў наш зямляк, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Мікалай Мікалаевіч Шум.

Галіна ШАФРАН

Фота Галіны Строцкай і аўтара