Музею «Бездзежскі фартушок» споўнілася 25 гадоў

Ён быў адкрыты 17 студзеня 1999 года, і на сённяшні дзень у яго фондах захоўваецца больш 2 тысяч артэфактаў. А аснову экспазіцыі складаюць каля 300 саматканых фартушкоў, прычым, ні адзін з узораў на іх не паўтараецца.

У 2008 годзе музей узначаліла Марыя Астаповіч. Праз два гады яго калектыў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, і да гэтай пары з’яўляецца пастаянным удзельнікам міжнародных, рэспубліканскіх, мясцовых выстаў-аглядаў і фестываляў народнай творчасці, дзе папаўняе скарбонку сваіх узнагарод.

Апошнім часам пашыраўся не толькі пералік паслуг, якія прапаноўваюцца гасцям, але і павялічвалася колькасць наведвальнікаў музея. Аналіз статыстыкі паказвае, што ў 1999-м, у год адкрыцця ўстановы, у “Бездзежскім фартушку” пабывала толькі 150 чалавек, далей –1000, 1500, потым – 3000 і г.д.

У 2012-м музей наведала каля 10 тыс. экскурсантаў, а далей, пасля абуладкавання этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса”, калі тут з’явілася магчымасць пакарміць гасцей, прапанаваўшы ім мясцовыя стравы, колькасць наведвальнікаў вырасла ўдвая.

У 2023 годзе ў музеі пабывала больш за 22 тысячы экскурсантаў як з Беларусі, так і з краін бліжняга і далёкага замежжа.