Уражанні ад прафсаюзнай вандроўкі – найлепшыя!

У звычайнай паўсядзённасці Драгічынскі аўтапарк №15 аказвае паслугі па аўтобусных перавозках іншым людзям і працоўным калектывам. Але ж на гэты раз яго пасажырамі сталі самі работнікі і члены іх сем’яў, для якіх адміністрацыя і прафкам транспартнага прадпрыемства арганізавалі захапляючую экскурсію ў парк сярэдневекавой гісторыі “Вялікае княства Сула”. І ў канчатковым выніку ад яе засталіся найлепшыя эмацыйныя ўражанні!

На добрую вандроўку настройвала ўрачыстая сустрэча і прывітанне ля музейных варот з жывой музыкай, катанне на дракары, які з’яўляецца правобразам колішняй лодкі-дракона і перавозіць экскурсантаў ад прычалу варагаў ў сярэднявечча. А там ужо падрыхтаваны новыя пазнавальныя квэсты і забавы: кіданне ў драўляны шчыт сякерамі, стаянкі старажытнага чалавека, капішча з правядзеннем стараславянскага абраду ачышчэння агнём. На кожнай пляцоўцы падарожнікаў з Драгічына чакае новы экскурсавод, але нязменным застацца тое, што ўсе яны вядуць аповед на нашай найпрыгажэйшай – на добрай беларускай – мове.

З цікавасцю прайшлі майстар-классы па ганчарнай справе і ў кузні каваля, дзе на вачах наведвальнікаў была выкавана страла, наканечнік якой быў падараваны адной з самых дасведчаных ў старажытных рамёствах экскурсантак. А ў памяшканні іезуітскага калегіума дзеці і дарослыя з задавальненнем уладкаваліся на партах, за якімі калісьці спазнавалі навуку многія з нашых знакамітых продкаў.

На канчатковым этапе вандроўкі экскурсанты з Драгічына наведалі залу шляхетскай славы, з годнасцю вытрымалі забаўляльная выпрабаванне  “Чарка на лязе” і атрымалі доступ у памяшканне, дзе гатуецца і захоўваецца брэндавы напой —  старка “Сула Запольская”, якую можна было прадэгуставаць і купіць у якасці сувеніра. Але самым галоўным набыткам сталі новыя  пазнанні ў гісторыі роднай краіны і найпрыемнейшыя ўражанні.

Як адзначалі на зваротным шляху экскурсанты, то, магчыма, для сярэднестатыстычнага драгічынца экскурсія ў парк-музей “Сула” каштуе крыху і дарагавата, але пры падтрымцы адміністрацыі і прафсаюза, як гэта сталася ў аўтапарку № 15, яна таго вартая!