Добрая навіна: аўтаклуб прыехаў ў Маркавічы

Некаторы час таму назад пры аддзеле культуры райвыканкама быў створаны выязны аўтаклуб, загадчыцай якога прызначана культработнік Л.А.Галавач. Галоўнай яе задачай стала арганізацыя і правядзенне выязных канцэртаў мастацкай самадзейнасці ў аддаленых маланаселеных вёсках, дзе фактычна не засталося ніякіх аб’ектаў сацкультбыту. Хаця там пакуль пражываюць (у асноўным – ужо немаладыя) людзі, якія таксама зарабілі права карыстацца сучаснымі дасягненнямі цывілізацыі, у тым ліку – і ў сферы культуры.

За кароткі час Людміла Анатольеўна пры падтрымцы аднадумцаў згуртавала вакол гэтай справы многіх таленавітых работнікаў культуры –вакалістоў і муыкантаў, якія ўвайшлі ў склад аматарскага аб’яднання “Талака”. У іх ужо ёсць свой напрацаваны рэпертуар, і пры неабходнасці яны могуць хутка сарганізавацца, каб даць канцэрт у любым населеным пункце, на любой імправізаванай канцэртнай пляцоўцы. І ў гэтым можна было пераканацца, пабываўшы з “Талакой” у аддаленай ад райцэнтра вёсцы Маркавічы.

— У сённяшнім выязным канцэрце перад вяскоўцамі выступяць нашы самадзейныя артысты Таццяна Васільеўна Усціянчык, Вольга Сяргееўна Самасюк, Ірына Арсенцьеўна Мазановіч і акампаніятар Іван Мікалаевіч Красоўскі, мясцовы паэт-песеннік, творы якога мы ўключаем у свой рэпертуар. На канцэрты нас дастаўляе вадзіцель аўтаклуба Раман Пятровіч Юшкевіч. Усе яны –члены прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Многія падобныя выязныя мерапрыемствы праводзяцца сумесна з бібліятэкай, работнікі якой вязуць жыхарам аддаленых вёсак кнігі, часопісы, іншыя выданні, а іншым разам і ўдзельнічаюць з намі ў канцэртнай праграме, — расказвае кіраўнік аўтаклуба і аматарскага аб’яднання “Талака” Людміла Анатольеўна Галавач.

Падобныя сустрэчы, дадае мая суразмоўніца, нярэдка праходзяць ў атмасферы імправізацыі, калі рыхтуеш адну праграму, а на месцы яна ўпарадкоўваецца з улікам пажаданняў гледачоў. Зрэшты, так сталася і ў Маркавічах…

З песнямі аўтаклуб пад’язджае да будынку былога сельмага. Калісьці ён быў месцам патрэбных набыткаў і абмену навінамі між вяскоўцамі, а цяпер зачынены. Магчыма, ужо назаўсёды. Ад яго толькі што ад’ехала аўталаўка, якая дастаўляе тутэйшым жыхарам тавары першай неабходнасці. І яе месца займае “Радзіміч” з самадзейнымі артыстамі.

Вяскоўцы – хто абапіраючыся на ровар, хто — на кульбачку ці кіёчкі, не разыходзяцца, чакаюць, што будзе далей. Пагутарыць з людзьмі аб іх жыцці-быцці прыехаў старшыня Хомскага сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Заверач. Іх размова ў асноўным зводзіцца да добрых успамінаў аб ранейшым жыцці: аб тым, як у Маркавічах быў свой калгас і ферма па развядзенню авечак і буйной рагатай жывёлы, дзе мелі работу большасць вяскоўцаў, як у свой час віравала жыццё  ў тутэйшым населеным пункце…

–У Маркавіцкую школу я прыйшла працаваць у 1992 годзе. У вёсцы тады была не толькі ферма, але і бібліятэка, крама, аддзяленне сувязі. Зараз нічога з таго ўжо не працуе, а ў Маркавічах, як мы з мужам нядаўна палічылі, цяпер пражывае крыху больш за паўсотні чалавек. У асноўным гэта — пажылыя людзі, хаця ёсць і некалькі сем’яў з дзецьмі. Пры жаданні працаздольныя могуць уладкавацца на работу ў “Аляксеевічы-Агра”, іх падвозяць на брыгаду ў Сіманавічы. Астатнія вяскоўцы па меры магчымасці кожнага займаюцца вырошчваннем маліны, клубніц, галубікі: зямлі для прыватнага гаспадарання тут хапае.  Пры гэтым пустуючых дамоў яшчэ многа застаецца. Зараз да суседняй Пярэспы праклалі  асфальтаваную дарогу, і ў нас ёсць надзея, што яе працягнуць да Маркавіч. І тады, магчыма, гарадскія людзі ахвотней пачнуць вяртацца да бацькоўскіх сядзіб і выкарыстоўваць іх пад дачы, –разважае былая настаўніца, а цяпер — стараста вёскі Маркавічы Валянціна Аляксандраўна Барысюк.

А прыезжыя госці тым часам рыхтуюць да паказу сваю праграму. Вадзіцель Раман Пятровіч Юшкевіч дапамагае бібліятэкарцы вынесці скрыню з кнігамі, якія Таццяна Генадзьеўна Краўчук аккуратна расстаўляе на пераносным сцелажы. Самадзейныя артысты выйшлі да людзей і настроілі свае галасы на прывітальную песню, як да іх данеслася нечаканая просьба: “А праспявайце нашу любімую “Деревенька моя, деревянная дальняя…”. Як аказалася, заяўку агучыла 90-гадовая Соф’я Мікалаеўна Клімовіч, дом якой суседнічае з месцам сустрэчы. Аднак на вуліцу пажылая жанчына выйсці не можа: абапіраючыся адразу на дзве кульбачкі, яна назірае за ўсім са свайго двара, падыйшоўшы да плоту.

Просьбу сваёй аднавяскоўкі дружна падтрымліваюць астатнія гледачы, і ўсе яны на дзіва зладжана пачнуць падпяваць артыстам. “Калісьці ж і мы, калі ў калгасе працавалі,  з канцэртамі паўсюль ездзілі”, –заўважыць адна з жанчын, і  яе дружна падтрымаюць сваімі ўспамінамі Валянціна Панцялееўна Кананюк, Алена Аляксееўна Скрабец, Марыя Сямёнаўна Бовбель, Таццяна Аляксееўна Саковіч, Мікалай Данілавіч Карпук. Людзі будуць узгадваць, як гадавалі дзяцей, расказваць пра ўнукаў і праўнукаў, а Соф’я Мікалаеўна Клімовіч занепакоіцца тым, як перадаць ім здымак з вясковага мерапрыемства, каб дзеці ведалі, што ў іх усе добра.

Не стаіць без справы і Таццяна Генадзьеўна, бібліятэкар. Яе скрыня са стосам кніг і часопісаў спакваля пусцее, а спіс чытачоў папаўняецца.

А над вёскай гучаць песні: адна, другая, трэцяя… Апоўдні шэрае восеньскае неба паступова святлее.

–От своімы песнямі і сонычко розбудылы. Так і жыты можна, — даносіцца з-за плоту голас вясковай доўгажыхаркі. А калі Іван Мікалаевіч Красоўскі распачынае на сваім баяне заліхвацкую полечку, некаторыя з прысутных вяскоўцаў з задавальненнем далучаюцца да танцаў. Намечаная праграма сустрэчы ў аддаленай вёсцы даўно завяршылася, але гледачы не адпускаюць самадзейных артыстаў, і канцэрт працягваецца. Удзячныя вяскоўцы шчыра пляскаюць натружанымі далонямі, і гэтыя апладысменты патанаюць ў неабсяжнай вулічнай прасторы.

— Прыязджайце да нас яшчэ: на Каляды, ці як пацяплее – прыязджайце часцей, –просяць пры развітанні расчуленыя вяскоўцы.

“Да наступнай сустрэчы!”, — абяцаюць талакоўцы…

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара