Дзень роднай мовы: з шанаваннем да будучыні

Ёсць нешта прывабна-няўлоўнае ў вобразе сельскай настаўніцы, што нагадвае гераінь любімых твораў беларускіх класікаў: і непаўторную Ганну Чарнушку з “Людзей на балоце” Івана Мележа, і «прыгажэйшую кветку Палесся» Ядвісю з “На ростанях” Якуба Коласа, і мэтанакіраваную Сашу Траянаву з “Трывожнага шчасця” Івана Шамякіна…І ў тым, пэўна, няма нічога дзіўнага, бо яе маці, Лія Міхайлаўна, была выкладчыцай роднай мовы і літаратуры ў сельскай школе, у Аляксеевічах, і дзяўчынка з маленства расла ў акружэнні беларускамоўных кніг, даведнікаў, слоўнікаў. Гэта ў многім паўплывала як на яе паважлівае стаўленне да духоўнай спадчыны сваіх продкаў, так і на далейшы прафесійны выбар.
Сёння Іна Анатольеўна Салавейка таксама працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Імянінскай сярэдняй школе, выхоўвае дастойных паслядоўнікаў роднага слова. Па выніках работы ў пазамінулым годзе яна была названа лепшай у сваёй прафесіі з занясеннем партрэта на раённую Дошку гонару.
Вучні Іны Анатольеўны неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых і абласных прадметных алімпіяд, і для настаўніцы іх поспехі і дасягненні – найважнейшая ўзнагарода.
Галіна ШАФРАН
Фота аўтара