Летняя ночка купальная яснай растаяла знічкаю…

У ноч з 6 на 7 ліпеня на этнасялянскім падворку музея “Бездзежскі фартушок” адзначылі адно з самых загадкавых беларускіх святаў – Купалле, якое сабрала неймаверную колькасць прысутных.

І арганізатары мерапрыемства – работнікі і прафсаюзныя актывісты гарадскога ДК, сельскіх устаноў культуры і непасрэдна музейнага комплекса – прыклалі нямала творчых намаганняў, каб свята атрымалася яркім, відовішчным, запамінальным.

Купальская пастаноўка з пошукам чароўнай папараць-кветкі, іскрамётнае фаер-шоу, запальванне вогнішча з народнымі песнямі і карагодам і кранаючая кульмінацыя свята – пусканне на ваду дзявочых вянкоў.

Першай свой вянок адпускае Купалінка, а за ёй правесці гэты традыцыйны абрад паспяшалі і іншыя дзяўчаты – з добрай верай у тое, што ціхая купальская плынь выведзе іх да адзінага суджанага і здзейсніць дзявочую мару аб шчаслівым шлюбе і трывалай сям’і…