Маладыя спадкаемцы народнай культуры

Ёсць бясспрэчная ісціна, што сучаснасць пачынаецца з парасткаў мінулага, і такімі прыгожымі расточкамі можна назваць юных удзельнікаў  узорнага ансамбля фальклорнага танца “Ліпачка” Ліпніцкага СДК, якія даўно сталі прызнанымі пераймальнікамі і захавальнікамі традыцыйнай паляшуцкай культуры, спадкаемцамі духоўных набыткаў свайго народа. У гэтым самадзейным калектыве пераважным чынам займаюцца вучні Ліпніцкай сярэдняй школы, змяняючы адно пакаленне выпускнікоў за другім. Апошнім часам яны выступаюць пад акампанемент народнага ансамбля “Папінскія музыкі”, вярнуўшы з небыцця  аўтэнтычныя тутэйшыя абрады “Барадайкі”, “Шывароты-вывароты”, жартоўную дражнілку “А мы жыта сеялі”, танцы “Базар”, “Какетка”, “Кракавяк”, “Лявоніха” і “Полька-мост”.

–Доўгі час збіральнікамі і захавальнікамі тутэйшых традыцый і абрадавай культуры ў нашай мясцовасці былі ўдзельнікі калектыву “Скібічане”, а мы з’яўляемся іх спадкаемцамі і працягваем папаўняць скарбонку аўтэнтычных народных твораў.  Не вельмі даўно ў рэпертуары “Ліпачкі” з’явілася жартоўная дражнілка “А мы жыта сеялі” і байка “Іван Купальны”.  Мяняецца і састаў нашага ансамбля: старшакласнікі выпускаюцца са школы, паступаюць вучыцца далей, з’язджаюць са сваёй мясцовасці, на іх месца прыходзяць малодшыя вучні. Пры гэтым некаторыя хлопцы ды дзяўчаткі і пасля школы сваёй сувязі з “Ліпачкай” не парываюць. Для іх фальклорнае мастацтва стала захапленнем, да якога імкнецца душа. І тое, што яны засвоілі, застаецца з імі на ўсё жыццё, — не хаваючы задавальнення, расказвае пра сваіх выхаванцаў кіраўнік узорнага калектыву “Ліпачка” Юлія Мікалаеўна Мамацюк.