Пра аладачкі, Даравальную нядзелю і блін жаданняў

У мінулыя выхадныя на падвор’і музейнага комплексу “Бездзежскі фартушок” праводзілі Масленіцу. Як і належыць, свята ладзілася па ўсіх добрых традыцыях: з аладкамі і духмяным чаем, з вясёлымі забавамі і песнямі самадзейных артыстаў. Яго арганізатарамі выступілі работнікі ўстаноў культуры Драгічыншчыны, якіх аб’ядноўвае раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму агульнай колькасцю 370 членаў. Да іх далучыліся і прадстаўнікі райспажыўтаварыства, якія арганізавалі выязны гандаль са сваёй прадукцыяй. А работнікі музейнага комплексу прапаноўвалі посную рыбную юшку. І бездзежцы, якія заўжды славіліся трывалымі хрысціянскімі звычаямі, нагадвалі пры гэтым, што Масленіцу завяршае Даравальная нядзеля, калі людзі прасілі адзін ў другога прабачэння за выпадкова ці наўмысна нанесеныя крыўды, каб з чыстым сумленнем уступіць у Вялікі пост і надалей імкнуцца ўхіляцца ад дрэнных спраў…

Ля стылізаванай сцэны ўвагу гасцей прыцягвалі аніматары, у ролі якіх выступілі таленавітыя ўдзельнікі народнага драматычнага тэатра Драгічынскага ГДК Аляксандр Пятровіч Грэчка, Юлія Віктараўна  Марачук, Таццяна Алегаўна Цыганчук і іншыя. Яны заклікалі дзяцей і дарослых да ўдзелу ў гульнях і конкурсах, у тым ліку – і ў традыцыйным спаборніцтве на паяданне бліноў на хуткасць. На працягу ўсяго мерапрыемства добрымі песнямі настрой ўзнімалі самадзейныя калектывы “Сваякі” з Бездзежскага СДК, “Палясяначка” з Равінскага, “Спяваючыя сэрцы” з Заказельскага, “Журавінка” з Брашэвіцкага сельскіх Дамоў культуры.

А ў глыбіні падвор’я па бяспройгрышнай латарэі можна было набыць самабытныя вырабы народнага майстра, кіраўніка Антопальскага раённага цэнтра рамёстваў Галіны Міхайлаўны Сцепанюк і рэзчыка па дрэве Валерыя Васільевіча Манцэвіча. Непадалёку за гасцінным сталом завіхаліся работнікі музейнага комплексу Вольга Сцяпанаўна Макарэвіч, Ніна Лукінічна Янушчык і Святлана Васільеўна Валковіч, якія частавалі прысутных духмяным травяным чаем і вясковымі блінамі з варэннем, што было ўласнаручна прыгатавана імі з тутэйшых ягад і садавіны  – чарніц, клубніц, вішань, абрыкосаў, яблыкаў.

Упершыню на музейнай пляцоўцы з’явіўся папяровы блін жаданняў, дзе кожны жадаючы мог агучыць сваю мару: часцей за ўсё людзі пісалі пра здароўе, шчасце, грошы, дастатак, хаця былі і больш канкрэтныя і прадметныя запыты ў будучыню – электрасамакат і падарожжа на Марс…

А завяршыліся праводзіны Масленіцы традыцыйным спальваннем пудзіла. У гэтым абрадзе яно сімвалізуе пазбаўленне ад бед і няшчасцяў, якія быццам бы сыходзяць у нябыт разам з агнём і дымам, і пасля гэтага наступае час вясновага абнаўлення і адраджэння.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара