Прафсаюзнае ўшанаванне — за старанную працу

Роўная стужка асфальтаванай вясковай дарогі вядзе прама на тэрыторыю фермы “Осаўцы-3” і паступова пераходзіць у чысцюткую, дагледжаную пляцоўку сельгасаб’екта, па адзін бок якога – жывёлагадоўчыя памяшканні і абуладкаваныя выгульныя дворыкі для статку, па другую акуратным строем цягнуцца ў рост дэкаратыўныя ялінкі. Нягледзячы на тое, што на ферме ідзе бесперапынны вытворчы працэс, працуе тэхніка, дастаўляюцца кармы, яе тэрыторыя выглядае настолькі чыстай і акуратнай, што можна ладзіць танцы, не баючыся запэцкаць абутак. Хаця гэта і не навіна зусім, гэта ўжо стыль работы СВК “Асавецкі” ў галіне жывёлагадоўлі, за што гаспадарка, яе кіраўніцтва і працаўнікі неаднаразова заахвочваліся на рэспубліканскім, абласным, раённым узроўні. Вось і нядаўна, 17 сакавіка, калектыву была вынесена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны і дасягненне высокіх працоўных паказчыкаў. Асноўны прыбытак гаспадарка мае ад малочнай жывёлагадоўлі, працаўнікі якой уносяць велізарнейшы ўклад у агульныя поспехі.

А на завяршэнні мінулага тыдня з прыемнай місіяй сельгаскааператыў наведала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ала Юльянаўна Камісарчук. У рамках акцыі “Наш жывёлавод” яна пабывала на ферме “Осаўцы-3”, каб разам са старшынёй гаспадаркі Станіславам Іосіфавічам Цынкусам і лідарам тутэйшай прафсаюзнай “пярвічкі” Нінай Васільеўнай Ярмоцык перадаць жывёлаводам іх заслужаныя ўзнагароды.  Ад імя працаўнікоў свайго калектыву віншаванні і падарункі – электракававарку і новую мікрахвалевую печ, якая заменіць устарэлую бытавую тэхніку ў пакоі адпачынку жывёлаводаў, прымала загадчыца жывёлагадоўчага аб’екта Ларыса Сцяпаўна Ярмоцык, стаж работы якой у гэтай нялёгкай галіне – амаль паўвеку.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара