Рэстаўрацыя капліцы-пахавальні ў Закозелі працягваецца

 

Ёсць на Драгічыншчыне архітэктурны помнік, да якога апошнім часам прыцягнута значная ўвага мясцовай грамадскасці, і на добраўпарадкаванні тэрыторыі якога нямала працавалі прафсаюзныя актывісты сферы культуры раёна. Гэта — капліца-пахавальня ў Закозелі, узведзеная больш 170 гадоў таму назад, якая захоўвае нямала легенд і паданняў. У свой час яна выкарыстоўвалася па свайму прамому назначэнню, і ў яе склепе былі пахаваны некалькі прадстаўнікоў  слыннага роду Ажэшкаў. Іх астанкі выяўлены падчас археалагічных раскопак яшчэ ў 2009 годзе і перазахаваны непадалеку ад капліцы. Тады ж даследчыкі знайшлі ў яе мурах рэшткі багатага ўбрання, драўляныя і гіпсавыя статуі, бронзавае ліцце і іншыя артэфакты. А тутэйшыя жыхары гэтае велічнае і прыгожае збудаванне са слядамі былой раскошы часцей звязваюць з імем Элізы Ажэшка, аўтаркі аповесці “Хам” і іншых таленавітых літаратурных твораў. Эпоха сялянскай рэформы 1861 года і паўстанне 1863-1864 г.г.сталі для пісьменніцы, па яе ўласнаму прызнанню, “універсітэтам жыцця”. Яна прыняла актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху. Паводле тутэйшага падання, з капліцай у Закозелі звязаны цікавы эпізод у біяграфіі Элізы Ажэшка. Лічыцца, што менавіта ў вежы пахавальні яна ўкрывала ад пераследу аднаго з параненых кіраўнікоў гэтага паўстання – Рамуальда Траўгута, які пазней быў вывезены ў больш небяспечнае месца…

Але час быў бязлітасны для гэтага ўнікальнага гісторыка-архітэктурнага помніка, хаця ў розныя перыяды прыкладаліся пэўныя намаганні, каб уратаваць яго ад зруйнавання і захаваць нашчадкам. І ўсё ж канкрэтныя рэальныя крокі па зберажэнню капліцы былі зроблены ў апошнія гады, і яе рэстаўрацыя працягваецца.

Восенню 2020 года на капліцу-пахавальню ў Закозелі быў узняты адноўлены 6-метровы шпіль, і , па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі райвыканкама Іны Праневіч, гэта можна назваць сапраўды значнай падзеяй, якая ўвачавідкі сведчыць аб тым, што гісторыка-архітэктурны помнік у нашых мясцінах будзе захаваны для нашчадкаў. І для гэтага прыкладаюцца шматлікія намаганні па многіх накірунках. І многімі людзьмі.

Уласнікам гэтага аб’екта, які прызнаны нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчынай, з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Па яго заяве была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, у адпаведнасці з якой і вядуцца рэстаўрацыйныя работы, сродкі на якія выдаткоўваліся  з Фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і з райбюджэту. Перыядычна да справы далучаюцца і мясцовыя арганізацыі.

З надыходам лета пачаліся раскопкі фундаменту капліцы з археалагічным суправаджэннем, у ходзе якіх былі знойдзены рэшткі былога ганку колішняга збудавання. Так што гэты элемент будзе аднаўляцца ў адпаведнасці з арыгіналам. Пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ турысты змогуць прайсціся і па брусчатцы, якая была выяўлена перад уваходам у капліцу-пахавальню і якую таксама мяркуецца захаваць ў яе першародным выглядзе.