Скарбонка дасягненняў Марыі Астаповіч

Прывабнай пляцоўкай для шматлікіх экскурсій і мерапрыемстваў, у тым ліку – і з удзелам прафсаюзаў, апошнім часам з’яўляецца музейны комплекс “Бездзежскі фартушок”, якім кіруе Марыя Астаповіч. На бягучым тыдні гэтая добразычлівая, гаспадарлівая, улюбёная ў народную творчасць і надзвычай таленавітая жанчына адзначыла 55-годдзе, і з нагоды свайго выдатнага юбілею яна атрымала шмат цёплых віншаванняў.

Марыя нарадзілася ў вёсцы Заверша, і пасля заканчэння школы і бібліятэчнага тэхнікума вярнулася на работу ў родныя мясціны: спачатку працавала ў Крамноўскай, а потым – у Завершскай бібліятэках.  І на гэтай пасадзе увесь час падтрымлівала добрыя суседскія ўзаемаадносіны з супрацоўнікамі “Бездзежскага фартушка”. Гэтыя стасункі ўмацаваліся, калі калектыў музея ўзначаліла яе былая калега, таксама бібліятэкар па адукацыі, – Лідзія Шэльпук, з якой яны неаднаразова ладзілі сумесныя выставы і прэзентацыі ўзораў народнай спадчыны тутэйшых мясцін. А потым мужа Лідзіі Міхайлаўны накіравалі на работу за межы раёна, і яна паехала ўслед за сям’ёю. І на месца дырэктара музея прызначылі Марыю Астаповіч.

–Па-сутнасці, я добра ведала калектыў, і яны мяне — таксама, ведала ўсю музейную экспазіцыю. Іншая справа, што тут трэба было развіваць гаспадарчую дзейнасць, праводзіць эксурсіі. Але ж былі людзі, якія падказвалі, дапамагалі, падтрымлівалі, –гаворыць Марыя Міхайлаўна.

Супрацоўнікі музея з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі розных масавых мерапрыемстаў, на якіх яны ладзяць выставы тутэйшых ручнікоў і фартушкоў. Як прыгадвае Астаповіч, то іншым разам бывала, калі наведвальнікі адольвалі настойлівымі просьбамі прадаць той ці іншы экспанат. Хаця, як тлумачыць Марыя Міхайлаўна, усе яны ўнесены ў дзяржаўны каталог, і прадаць ці памяняць на іншы іх немагчыма. Іншая справа, што ў музеі працягваюць старадаўняе ткацкае рамяство, і кожны жадаючы можа замовіць і набыць новыя саматканыя сувеніры, якія выйшлі з-пад рук мясцовых ткачых.

Па словах дырэктара, у час замежных фестываляў вельмі цікава было назіраць, як трактуецца прымяненне той ці іншай старадаўняй мясцовай рэчы насельнікамі суседніх краін.

–Запамяталася выстава ў Польшы, куды разам з музейнымі экспанатамі завезлі і новыя бездзежскія ручнікі, якія можна было набыць у якасці сувеніраў. У нас вышыты ручнік – гэта свайго роду сакральная рэч, абярэг, які вешаюць на абразы, якім адорваюць сватоў падчас вяселля і г.д. І я вельмі здзівілася, калі адна палячка падыйшла, купіла ручнік, павесіла яго на шыю, прышпіліла брошкай і з гонарам паведаміла, што цяпер у яе “вельмі  ладная шаль”, — з усмешкай прыпамінае Марыя Астаповіч.

Былі і надзвычай кур’ёзныя выпадкі, якія і сёння Марыя Міхайлаўна не можа згадваць без смеху.

–Па плану ў нас была эккурсія для чыгуначнікаў Брэсцкага дэпо. І вось выходжу я сустракаць гасцей у сваім нацыянальным касцюме, пачынаю гаворку, а адзін з прысутных экскурсантаў выходзіць і на вачах ва ўсіх прысутных на нашым мясцовым дыялекце пытаецца: “Маруся, гэто ты?”. Сітуацыя была настолькі неспадзяванай, што я на нейкае імгненне разгубілася. Але ж аказалася, што той мужчына – мой аднавясковец, які быў намнога старэйшы і даўно з’ехаў з Заверша, таму я і не пазнала яго адразу. А ён па-зямляцку абдымаецца, радуецца сустрэчы, і гэта цёплая атмасфера нейкім дзівосным чынам распаўсюдзілася і на астатніх. Тая экскурсія прайшла, што называецца, на адным дыханні, лёгка, весела, з добрым гумарам. Потым наш зямляк і яго калегі прыязджалі ў музей яшчэ не адзін раз – і на экскурсіі, і на карпаратыўныя мерапрыемствы на нашу этнасялянскую сядзібу “каля Плэса”, і многія са старэйшых працягвалі называць мяне “Марусяй”. І мне было хораша ад такога  звароту сваіх землякоў, бо так называе мяне мая мама, — расказвае жанчына.

Зрэшты, менавіта ад сваёй матулі, Ніны Міхайлаўны, і ад сваіх пажылых аднавяскоўцаў Марыя пераймала многія тутэйшыя традыцыі і рэцэпты мясцовых смакоццяў, якія пазней сталі музейным здабыткам. Так у дэгустацыйным меню этнасядзібы “Каля Плэса” з’явілася макуха, жытні хлеб, агуркі, засоленыя на асабліваму рэцэпту, другія ўнікальныя стравы…

А свае прафесійныя адзнакі і ўзнагароды дырэктар музейнага комплекса “Бездзежскі фартушок” Марыя Астаповіч адносіць да заслуг усяго калектыву, падкрэсліваючы, што ў скарбонцы музейных дасягненняў – уклад многіх людзей.

Галіна ВІКТАРОВІЧ