Трагедыя вёскі Сорацні

На Драгічыншчыне, як і ва ўсёй Беларусі, сёння аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, якая разам з людзьмі была спалена карнікамі 22 сакавіка 1943 года. Узгадваючы гэту трагедыю, мы ўзгадваем сотні другіх беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх прыслужнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У іх ліку – і вёска Сорацні Драгічынскага раёна: 15 верасня 1943 года тут было закатавана 144 мірныя жыхары.

Вяртаючыся ў той жудасны вераснёўскі дзень, пажылая жыхарка вёскі Ніна Аляксандраўна Максімовіч узгадала, што напярэдадні хлопец, які служыў у паліцыі, але дапамагаў партызанам, перадаў у Сорацні, што рыхтуецца карная экспедыцыя па знішчэнню вёскі. І людзі перасталі начаваць дома, а хаваліся ў лесе ці ў зямлянках, якія былі выкапаны ў некаторых дварах. Але ніхто не ехаў, і многія супакоіліся. А некаторыя нават паўшчувалі дзеда, які перадаў тую інфармацыю: маўляў, вярзе стары глупства, бо адкуль ён можа пра тое ведаць…

Але ж на світанку, 15 верасня 1943 года, папярэджанне збылося: вёску акружылі карнікі. Ніна ў гэты час была ў лесе, таму і ўратавалася. А яе матулю і суседзяў, у якіх яна была ў той час, загналі ў хату і расстралялі, а дом падпалілі.

– Мы да самай зімы знаходзіліся ў лесе. Баяліся ў вёску вяртацца. Потым па чужых людзях скіталіся… А наступным летам на тым пажарышчы мы яшчэ доўга збіралі костачкі сваіх родных. Дождж пройдзе, і яны бялеюць. Але ж жыць неяк трэба было, – з болем распавядала жанчына.

Са слязамі на вачах узгадвала той дзень і Кацярына Фадзееўна Пратасевіч, у якой тады загінула амаль уся радня. Людзі хаваліся ў акопчыку, іх знайшлі, загналі ў дом і пачалі расстрэльваць. Аднак цяжарная Каціна маці тады нейкім дзівам уцалела. Праз яе прайшло 9 куль, але яна выжыла і пазней яе выхадзілі ў партызанскім атрадзе. Раны на руках і грудзях хутчэй зацягнуліся, а вось сківіца была ўся раздробнена, куля выйшла каля носа.

– Мама паўгода хлебнай крошкі праглынуць не магла, слабая была, што ад ветру хілілася. Але ж дзіцятка ў яе, мая сястрычка Манечка, знешне здаровым нарадзілася. А потым хварэць пачало, і маленькім памерла. Нас у той час родзічы з Бездзежа прытулілі, там і пахавалі Манечку. А мама, дзякуй Богу, пазней акрыяла, і яшчэ на работу хадзіла. Хаця жалоба па загінулых не пакідала яе да апошніх дзён, – праз слёзы расказвала Кацярына Фадзееўна Пратасевіч.

Ураджэнка гэтай вёскі, ветэран педагагічнай працы Ніна Лукінічна Грыцук, пра трагедыю ў Сорацнях ведае ад сваёй мамы, якая разам з дзецьмі ўратавалася ў дзедавай зямлянцы. А вось маміну сястру, Кацярыну Карпаўну Куровіч, і яе малалетніх дзетак спалілі жывымі…

У верасні 2018-га года ў Сорацнях быў устаноўлены мемарыяльны знак — мастацкая скульптурная кампазіцыя, выкананая з дрэва, з застылымі фігурамі людзей трох пакаленняў, жыццё якіх абарвалася 15 верасня 1943 года. Тут жа, на мемарыяльнай дошцы, побач з імёнамі загінулых вяскоўцаў, можна прачытаць надпіс: “Мы раслі б, каханымі былі б, бацькамі былі б, дзядамі былі б, мы – жылі б…”

Калі б не вайна…

Галіна ШАФРАН