Уславілі гаспадароў зямлі

Кожнае свята мае свой адметны настрой і водар: Жаночы дзень 8 Сакавіка пахне мімозай і іншымі вясновымі кветкамі, Тройца – свежай бярозавай лістотай і аерам, Новы год і Ражство Хрыстова – елкай і мандарынамі, а земляробчыя святы заўжды суправаджае пах свежаспечанага хлеба. Гэты ні з чым не параўнальны водар у поўнай меры прысутнічаў і на агульнараённым мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якое сабрала перадавікоў гэтай сферы дзейнасці з усёй Драгічыншчыны.

Са словамі шчырых віншаванняў і пажаданняў да іх звярнуліся госці мерапрыемства, у ліку якіх быў і старшыня рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Міхайлавіч Хвацік. Ён уручыў працаўнікам сельгасвытворчасці заслужаныя ўзнагароды, а прадстаўніку райбальніцы перадаў дакументы на два кіслародныя канцэнтратары, якія былі набыты за кошт прафсаюзных сродкаў.

Са святочнай сцэны аграрыяў раёна віталі старшыня райвыканкама Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Святлана Уладзіміраўна Барташ, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ала Юльянаўна Камісарчук і іншыя афіцыйныя асобы.

Да ўшанавання вясковых працаўнікоў далучыліся і лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці, канцэртныя нумары якіх былі прасякнуты светлым настроем і верай у добрую будучыню.

Галіна ШАФРАН

Фота Ганны ГЛІННІК