Ёсць добрая традыцыя – ушаноўваць працаўнікоў-стваральнікаў

Аб паўсядзённых справах і працоўных дасягненнях членаў самай масавай грамадскай структуры расказвае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна МАСЮК

— Таццяна Уладзіміраўна, у бягучым красавіку спаўняецца роўна пяць гадоў, як вы ўзначалілі раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Что змянілася за гэты час у яго дзейнасці? Якія новыя накірункі прыкладання сіл з’явіліся?

— Так было да мяне, і так застаецца зараз, што цэнтрам нашай увагі з’яўляецца чалавек працы. І прыярытэтныя накірункі нашай дзейнасці  сарыентаваны на тое, как абараніць яго прафесійныя і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы, дапамагчы яму ў час жыццёвых страт і выпрабаванняў, ушанаваць  яго поспехі і садзейнічаць яго паўнавартаснаму адпачынку. Відавочна, што ўсе гэтыя задачы лягчэй і эффектыўней вырашаюцца ў тых працоўных калектывах, дзе ёсць прафсаюзныя арганізацыі. Ахова і паляпшэнне ўмоў працы, дадатковыя сацыяльныя гарантыі і льготы, аздараўленне і арганізацыя вольнага часу – усё гэта бяруць пад сваю адказнасць прафсаюзы. Прафесійныя святы, ушанаванні перадавікоў вытворчасці, конкурсы прафесійнага майстэрства – гэтыя і падобныя мерапрымствы таксама праходзяць пад эгідай прафсаюзаў.

Пры гэтым розныя падзеі, якія адбываюцца ў краіне і ў свеце, уносяць істотныя карэктывы ў многія сферы жыццядзейнасці грамадства і ставяць перад прафсаюзамі шэраг новых актуальных задач. Так было і ў няпросты перыяд каранавіруснай пандэміі, якая аказалася сапраўды цяжкім выпрабаваннем як для эканомікі, так і для людзей. Усё гэта адбывалася зусім нядаўна, і мы сталі сведкамі таму, што прафсаюзы аператыўна адрэагавалі на складаную сітуацыю і прынялі неадкладныя меры па супрацьдзеянню ў распаўсюджанні каранавіруснай інфекцыі і падтрымцы работнікаў. Быў узмоцнены кантроль за захаваннем санітарна-гігіенічных норм на прадпрыемствах і ў арганізацыях, шмат дзе ў працоўных калектывах былі створаны “касы ўзаемадапамогі”, з якіх аказвалася матэрыяльная падтрымка работнікам, пенсіянерам, ветэранам працы, пацярпелым ад паследкаў каранавіруснай інфекцыі. Акрамя таго, прафсаюзы накіроўвалі грашовыя выдаткі на набыццё дэзінфіцыруючых і іншых сродкаў, якія ў той складаны час дапамагалі людзям зберагчы сілы і здароўе. Для членаў прафсаюза як тады, так і па цяперашні час дзейнічае зніжка 25% у ведамасных санаторыях. А ў некаторых арганізацыях у адпаведнасці з калектыўным дагаворам працаўнікам часткова ці поўнасцю аплочвалі і тую суму пуцёўкі, якая засталася. Так што нядаўняя пандэмія ў многім стала надзейнай праверкай на згуртаванасць і трываласць прафсаюзаў, і мы яе з годнасцю вытрымалі.

Несумненна, што ўсё, чым жыве сёння наша грамадства, з’яўляецца значным і ў дзейнасці нашай арганізацыі. Прафсаюзы актыўна ўключыліся ў работу па супрацьдзеянню незаконнай санкцыйнай палітыцы, а з  2017 года нашы актывісты рэгулярна праводзяць маніторынгі і займаюцца аналізам цэн на сацыяльна значныя тавары айчыннай вытворчасці, каб папярэдзіць неабгрунтаванае павышэнне іх кошту і захаваць даступнасць для пакупнікоў.

Мы з вамі гутарым напярэдадні 1 Мая, якое традыцыйна лічыцца святам працы. У гэты час прынята ўзгадваць значныя працоўныя поспехі і ўшаноўваць людзей, якія дасягнулі відавочных вынікаў у сферы сваёй дзейнасці. Раскажыце, хто яны, нашы сучасныя працаўнікі-стваральнікі?

— Сёлета нашаму Драгічынскаму раёну споўнілася 83 гады, а значыць, запоўнены 83 старонкі яго біяграфіі. Яшчэ зусім нядаўна іх пісалі тыя, хто ў суровыя ваенныя часы абараняў радзіму ад ворага, вызваляў родны край ад нямецка-фашысцкай акупацыі і здабываў наш сённяшні мірны дзень, хто аднаўляў зямлю ад пасляваеннай разрухі і наладжваў гаспадарку, хто выстаяў  у перыяд грамадскай перабудовы і эканамічных катаклізмаў і захаваў краіну для нашчадкаў. А на цяперашнім этапе пісаць біяграфію раёна працягваюць нашы сучаснікі – тыя, хто працуе на хлебнай ніве і жывёлагадоўчай ферме, хто стаіць ля рабочых станкоў ці выпрабоўвае навукова-тэхнічныя распрацоўкі, хто вучыць дзяцей і ахоўвае наша здароўе… На кожным этапе былі, ёсць і будуць людзі, якія ператвараюць месца нашага пражывання ва ўтульны дом, дзе хочацца жыць і куды хочацца вяртацца. І тут добрым словам можна ўзгадаць многія вытворчыя калектывы і іх шчырых працаўнікоў-рупліўцаў.

Пастаянным пераможцам вытворчых спаборніцтваў  самага рознага ўзроўню з’яўляецца СВК “Асавецкі”, а вясной мінулага года калектыву і кіраўніку гаспадаркі была аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта нашай рэспублікі. З’явіліся і іншыя лідары ў сельгасвытворчасці раёна: літаральна нядаўна за дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця на рэспубліканскую Дошку гонару занесена адкрытае акцыянернае таварыства “Аляксеевічы-Агра”.

Калі ж гаварыць пра дасягненні ў індывідуальным працоўным спаборніцтве, то тут можна адзначыць заслугі брыгадзіра жывёлагадоўчай фермы СВК “Асавецкі”Святланы Даўгун і аператара машыннага даення кароў гэтай жа гаспадаркі Алены Адамовіч, тэхніка па штучнаму асемяненню сельскагаспадарчых жывёл ААТ “Бездзеж-Агра” Людмілы Усцянчык, жывёлавода ААТ “Агра-Дзеткавічы” Алены Валастных і іншых працаўнікоў, якіх ўшаноўвалі на прафсаюзных мерапрыемствах абласнога ўзроўню.

У нашым раёне прафсаюзы актыўна далучыліся да традыцыйнай рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”, у межах якой Падзякі і заахвочванні ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, філіяла аграсаюза атрымалі больш за 160 работнікаў жывёлагадоўчай галіны. З надыходам сезонных палявых работ прафсаюзныя ўзнагароды будуць шукаць герояў сярод земляробаў, занятых на веснавой сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, а пазней – і на ўборцы вырашчанага ўраджаю.

— А каго можаце адзначыць у ліку лепшых прафсаюзных актывістаў?

Любая грамадская арганізацыя моцная сваім актывам. І тут варта адзначыць, што ў абсалютнай большасці старшыні прафкамаў – гэта вопытныя, кампетэнтныя і аўтарытэтныя людзі, якія валодаюць не толькі неабходнымі прафесійнымі навыкамі, але і якасцямі, патрэбнымі сапраўднаму прафсаюзнаму лідару – дабрынёй, чуласцю, спагаданнем, разуменнем чужых праблем і жаданнем паспрыяць іх вырашэнню.

У ліку такіх – старшыні прафсаюзных камітэтаў Наталля Каласей (Драгічынкая райбальніца) Тамара Пракапчук (РЦГіЭ), Наталля Саковіч (племзавод «Заказельскі»), Раіса Гарбарук (ААТ “Ліпніцкі”), Алена Радэня (ТАА «Клуб «Фарм-Эка»), Вольга Літвінчук (Пярковічская СШ), Ірына Крываль (Антопольскі дзіцячы сад) і многія іншыя. Хочацца таксама адзначыць і маладое пакаленне старшынь прафкамаў і цэхкамаў, у праватнасці, Юрыя Бабро (Драгічынскі раён электрасетак) і Аляксандра Мацука (Драгічынскі раён газазабеспячэння), якія энергічна ўключыліся ў грамадскую работу, займаюць актыўную пазіцыю па абароне інтарэсаў членаў прафкама, праяўляюць прынцыповасць, умеюць ладзіць канструктыўны дыялог з наймальнікам. Я ўпэўнена, што і ў далейшым мы будзем разам кансалідаваць грамадства і умацоўваць ідэі стваральнай працы як галоўнай умовы паспяховага развіцця краіны. На гэта настройваюць і радкі гімна нашай грамадскай арганізацыі: “Прафсаюзы — добра ведае народ: толькі ў працы багацець нам з года ў год…”

–Таццяна Уладзіміраўна, першамайскім святам папярэднічае Сусветны дзень аховы працы, які адзначаецца 28 красавіка. Кантроль за захаваннем тэхнікі  бяспекі на рабочых месцах таксама ўваходзіць у кампетэнцыю прафсаюзаў. Як абстаяць справы ў гэтым накірунку?

 –Сапраўды, адной з важных задач нашай грамадскай структуры з’яўляецца кантроль за забеспячэннем належных умоў працы і клопат аб здароўі членаў калектыву. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў гэтым накірунку, ажыццяўляюцца ў цесным супрацоўніцтве з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і райцэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Практыкуецца сумеснае наведванне прадпрыемстваў і арганізацый з мэтай выяўлення парушэнняў і выдачы рэкамендацый па іх устараненню. На прафілактыку вытворчага траўматызму накіраваны таксама шэраг сустрэч у працоўных калектывах, прамых ліній і іншых мерапрыемстваў раённага аб’яднання прафсаюзаў. Па пытаннях аховы працы рэгулярна праводзяцца навучальныя семінары, арганізатарамі якіх выступаюць галіновыя прафсаюзы.

Кожны год нашы “пярвічкі” і прафсаюзныя грамадскія інспектары становяцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па ахове працы. Так, па выніках 2022 года пераможцай абласнога этапа аналагічнага спаборніцтва ў сферы адукацыі была прызнана настаўніца СШ №1 г.Драгічына Таццяна Міхайлаўна Грыцук. Першае месца ў абласным і другое – у рэспубліканскім этапе галіновага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па грамадскаму кантролю за захаваннем патрабаванняў аховы працы ў арганізацыях аховы здароўя прысуджана прафсаюзнай “пярвічцы” ААТ «Экзон». А трэцяе места ў абласным конкурсе на стварэнне лепшага відэароліка ці плаката адпаведнай тэматыкі заняў прафкам раённай бібліятэкі.

Пры гэтым усе прыкладзеныя намаганні пакуль не прывялі да дасягнення жаданай мэты – “нулявога” траўматызму. А значыць, расслабляцца ў гэтым накірунку не прыходзіцца, і прафілактычная работа па папярэджанню траўматызму на вытворчых участках будзе прадоўжана.

— Таццяна Уладзіміраўна, што можаце пажадаць жыхарам раёна з нагоды Першамаю?

– Свята 1 Мая традыцыйна застаецца знакам вясновага абнаўлення і спадзяванняў на добрыя перспектывы. Для прафсаюзаў Першамай – гэта дзень яднання і салідарнасці ўсіх тых, хто сваёй працай стварае цяперашні дабрабыт і закладвае будучыню нашай краіны; гэта нагода падвесці пэўныя вынікі і выказаць ім шчырыя словы падзякі і найлепшых пажаданняў.

Хай гэтыя вясновыя дні прынясуць нам добры плён і ўмацуюць салідарнасць з тымі, хто любіць і умее працаваць. Бо важна не раз’ядноўвацца і не разбураць, а гуртавацца і ствараць. Таму хочацца пажадаць усім нам, каб у кожным доме і ў кожным працоўным калектыве, гэтаксама як і ва ўсёй краіне, панавала згода і паразуменне, узаемавыручка і падтрымка! Мы разам, і гэтым мы моцныя!

“Мір, праца, май!” – гэтыя словы для многіх застаюцца ўвасабленнем жаданага вясновага свята. Хай кожны наш дзень будзе напоўнены здароўем і дабрабытам, хай дорыць ён нам новыя магчымасці і прафесійныя здабыткі! І  хай менавіта чалавек працы цяпер і назаўсёды застаецца галоўным героем нашага жыцця!

Гутарыла Галіна ВІКТАРОВІЧ